Управление по образованию, спорту и туризму Любанского районного исполнительного комитета Минской области
Вывучаем новыя правілы беларускага правапісу PDF Печать E-mail

Небольшая статья методиста УМК Марченко Т.Н. 

 

Беларуская мова – дзяржаўная мова нашай краіны – адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Унармаванасць дзяржаўнай мовы, захаванне адзінства арфаграфічных нормаў пісьмовай мовы ў значнай ступені забяспечваюць стабільнасць у сферы моўнай камунікацыі.

Узгадаем першыя спробы ўпарадкавання беларускай арфаграфіі. У 1918 г. была выдадзена "Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, у якой фактычна ўпершыню былі сфармуляваны правілы беларускага правапісу. Яны і забяспечвалі адзінства новай беларускай літаратурнай мовы. Браніславу Тарашкевічу ўдалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання. "Граматыка” адыграла выключна важную ролю ў пашырэнні беларускай мовы ва ўсіх сферах ужывання. Аднак у ёй заставалася даволі шмат спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся правапісу перш за ўсё слоў іншамоўнага паходжання.

Моўная практыка выявіла гэтыя недахопы, і ў сярэдзіне 1920-х гг. паўстала пытанне аб рэформе беларускага правапісу. У 1926 г. адбылася акадэмічная канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу. У яе рабоце прынялі ўдзел вядомыя мовазнаўцы, пісьменнікі, настаўнікі беларускай мовы, замежныя лінгвісты. Пасля канферэнцыі была створана правапісная камісія, у склад якой увайшлі найбольш вядомыя і аўтарытэтныя лінгвісты таго часу, беларускія пісьменнікі. Многія палажэнні выпрацоўваліся ў выніку працяглых дыскусій і спрэчак. У 1930 годзе быў апублікаваны праект новага беларускага правапісу. Пасля яго абмеркавання і дапрацоўкі ў 1933 годзе была прынята Пастанова Савета Народных Камісараў ”Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу".

Правапіс у выніку рэформы 1933 г. істотна наблізіўся да фанетычнага ладу беларускай мовы, стаў больш сістэмным і ўпарадкаваным. Рэформа адмяніла мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (сталі пісаць снег, звер замест сьнег, зьвер). Але рэформа правапісу 1933 г. таксама не вырашыла ўсіх праблем пісьмовай беларускай мовы. Работа па ўдасканаленні беларускага правапісу працягвалася.

У 1959 г. былі выдадзены "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, падрыхтаваныя калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў К.К.Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П.Ф.Глебкі. У складанні "Правіл” прымалі ўдзел вядомыя вучоныя М.Г.Булахаў, П.М.Гапановіч, М.П.Лобан, М.Р.Суднік, П.П.Шуба. Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 г. і выдадзеныя ў 1959 г., не з’яўляліся рэформай, а ўдакладнялі і развівалі "Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 годзе. Арганізацыя і першыя крокі працы па ўдакладненні і ўдасканаленні правапісных нормаў беларускай мовы звязаны з імем Якуба Коласа, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў арфаграфічную камісію і ўнёс вялікі ўклад у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапісу.

У канцы ХХ ст. зноў абвастрылася праблема беларускага правапісу.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 г. была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Камісія падрыхтавала і ў верасні 1994 г. апублікавала "Высновы па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы”. Было прызнана, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання і не патрабуюць кардынальных змен. Камісія рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе б былі ўлічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў у складзе дактароў філалагічных навук акадэміка А.І.Падлужнага, прафесараў А.Я.Міхневіча, М.С.Яўневіча, П.П.Шубы, кандыдата філалагічных навук А.А.Крывіцкага на працягу 1997–1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі "Правіл” і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 18 студзеня 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара В.І.Іўчанкава і доктара філалагічных навук прафесара А.А.Лукашанца канчаткова дапрацавала "Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.

Прыняты 23 ліпеня 2008 г. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", якая ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

Падрыхтаваная новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" - гэта не рэформа існуючага беларускага правапісу. Новая рэдакцыя скіравана на яго карэкціроўку, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, што найбольш адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай літаратурнай мовы. У гэтых адносінах новая рэдакцыя "Правіл..." - яшчэ адзін крок у бок збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем, яна больш дасканалая і практычна больш зручная ў параўнанні са зводам правіл, выдадзеных у 1959 г., якімі мы карыстаемся да гэтага часу.

Неабходнасць увядзення ў дзеянне новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" абумоўлена наступным.

• Звод "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў, у першую чаргу настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы.

• Паколькі правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме жывой мовы, то ён не можа працяглы час заставацца без змяненняў. Бесперапыннае развіццё мовы выклікае неабходнасць удасканалення і правапісных норм, прывядзення іх у адпаведнасць з моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра гэтая праблема для беларускай мовы паўстала ў канцы XX ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.

• У падрыхтаваным праекце новай рэдакцыі "Правіл..." істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай істотна зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове ў школе. У прыватнасці, прапанаваны наступныя змены.

1. Істотна пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў (напрыклад, адажыа, трыа).

2. Пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад, універсітэт, але ва ўніверсітэце.

3. Спрошчаны правілы пераносу слоў, што цалкам адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

4. Унесены карэктывы ў правілы напісання складаных і складанаскарочаных слоў у адпаведнасці з агульным прынцыпам акання і сучаснай моўнай практыкай.

5. Упарадкавана напісанне вялікай і малой літар.

6. Уведзены новы раздзел "Правапіс некаторых марфем", у якім, дарэчы, адлюстравана пераважнае ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава-(-ява-), а не -ірава-(-ырава-).

Прапанаваны таксама іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Акрамя таго, ён у большай ступені будзе адпавядаць фанетычнай сістэме беларускай мовы і асаблівасцям беларускага вымаўлення.

Новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца аптымальнай у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы і адзінства арфаграфічнага рэжыму ў школьным навучанні, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што будзе спрыяць павышэнню прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі. (Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў перыядычнага друку)
 

 

Последние статьи

Управление по образованию, спорту и туризму Любанского районного исполнительного комитета © 2011-2020